АНГАЖЫ́РАВАНАЕ МАСТА́ЦТВА
(ад франц. engager, абавязваць),
мастацтва, якое адкрыта выяўляе грамадскую пазіцыю творцы, актыўна ўдзельнічае ў паліт. барацьбе, асабліва ў час крызісных сітуацый і карэнных перамен у жыцці грамадства. Свой пачатак вядзе ад сац.-рэв. рухаў 18 ст. ў Францыі, Рэчы Паспалітай і інш. Развівалася ў 19—20 ст. у рэв., паліт., нац.-вызв., антыфаш. барацьбе. Абвостраны ідэйна-дэкларатыўны характар набыло ў СССР пасля 1917. Актыўна развівалася ў 1920—30-я г. ў тэатралізаваных паказах, прыкладной графіцы, манументальным афармленні і інш. відах і формах. З канца 1980-х г. на Беларусі перажывае новы ўздым у сувязі з паліт. і рэфарматарскімі працэсамі, нац. адраджэннем.
Я.Ф.Шунейка.
т. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)